Фінансавая справаздача аб рабоце Фонду ў лютым 2022 года

Прадстаўляем вынікі нашай дзейнасці за другі месяц года.

Спампаваць поўную справаздачу за люты.

Люты 2022 года перавярнуў нашы ўяўленні аб жыцці і смерці. У Еўропе ў 21-м стагоддзі пачалася вайна. Страшна, што ў ролі саўдзельніка агрэсара выступае Беларусь. Лукашэнка дазволіў расейскім войскам карыстацца інфраструктурай. Самалёты і бомбы на тэрыторыю Украіны ляцяць у тым ліку і з нашай краіны.

На фоне забойстваў, разбурэнняў і мільёнаў бежанцаў беларускі дэмакратычны парадак дня чакана апынуўся ў цені. Але ўзровень рэпрэсій унутры нашай краіны не зніжаецца - тысячы людзей па-ранейшаму знаходзяцца ў турмах, а за антываенны плакат міліцыянты збіваюць і арыштоўваюць. Таму мы працягваем дапамагаць палітвязням і членам іх сем'яў (у лютым выплацілі па 300 еўра дапамогі 45 такім сем'ям). Таксама падтрымліваем палітвязняў з дапамогай праграмы салідарнасці "Сябар сям'і".

Фонд "Краіна для Жыцця" працягвае, наколькі гэта магчыма сёння, змагацца за пабудову ў Беларусі дэмакратычнага грамадства. Мы запусцілі новы адукацыйны праект, які дазволіць атрымліваць неабходныя веды, і пасля, на практыцы карыстацца імі у жыцці. Гэта інфармацыйны курс "Polaris. Лідэр грамадзянскіх ініцыятываў". Мы сфарміравалі пул спікераў (усе прафесіяналы сваёй справы, многія - вядомыя медыйныя асобы) і адабралі 90 слухачоў, якія гатовы працаваць і рэалізоўваць свае праекты.
 
Акрамя таго, каманда нашага Фонду працуе над дапамогай уцекачам з Украіны. Мы робім гэта як у прыватным парадку, так і афіцыйна. У першыя дні вайны мы апрацавалі больш за тысячу заявак, аказвалі інфармацыйную падтрымку, каардынавалі выезд як з Украіны, так і з тэрыторыі Беларусі. Мы збіралі гуманітарную дапамогу, аўтакрэсла і з дапамогай валанцёраў перадавалі ўсё неабходнае на мяжу, адкуль нашы хлопцы адвазілі бежанцаў. Мы дапамагалі ў рассяленні, прымалі іх у сябе.

Фонд "Краіна для Жыцця" сумесна з арганізацыяй "Беларусы Рымазвярнуўся па дапамогу да Progetto Sud - італьянскай некамерцыйнай няўрадавай арганізацыі. Нашы італьянскія сябры з радасцю адгукнуліся на заклік. У нядзелю 6 сакавіка яны даставілі ў Варшаву першыя дзве тоны дабрачыннай дапамогі для бежанцаў з Украіны.

Калі ласка, раскажыце Вашым сябрам і знаёмым пра наш Фонд і тую дапамогу, якую мы разам аказваем людзям у Беларусі і за яе межамі.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям