22 гады з дня знікнення Юрыя Захаранкі

Сёння спаўняецца 22 гады з моманту выкрадання і, верагодна, смерці былога міністра ўнутраных Юрыя Захаранкі. Ён прыйшоў у палітыку ў 1994-ым і быў адным з членаў каманды Лукашэнкі, якая дабілася перамогі на выбарах прэзідэнта. Праз год іх шляхі разышліся - Захаранка апынуўся ў адкрытай апазіцыі. А 7 траўня 1999-го ён знік.

Яго лёс не ўстаноўлены да гэтага часу.  Без сына засталася маці, без мужа - жонка, без бацькі - дачкі.

Крымінальная справа па факце знікнення Юрыя Захаранкі была ўзбуджаная толькі праз чатыры месяцы - у верасні, калі пры падобных абставінах зніклі экс-старшыня ЦВК Віктар Ганчар і бізнесмен Анатоль Красоўскі.

Праз год у аэрапорце быў выкрадзены тэлеаператар Зміцер Завадскі.


Усе гэтыя знікненні звязваюць "эскадронамі смерці", якія дзейнічалі ў Беларусі ў канцы 90-ых гадоў. Мяркуецца, што першапачаткова яны былі створаны з байцоў сілавых падраздзяленняў з мэтай знішчэння чальцоў АЗГ. Пасля некалькіх паказальных пакаранняў крымінальных элементаў, сілавікі пераключыліся на знішчэнне палітычных супернікаў Лукашэнкі. Камандзірам гэтых атрадаў называюць спецназаўца Дзмітрыя Паўлічэнку, ініцыятарам стварэння - Віктара Шэймана, на той момант дзяржаўнага сакратара савета бяспекі рэспублікі Беларусь.

Расследаванне спраў, звязаных са знікненнем Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, было прыпынена ў 2003 годзе. Хаця раней, у 2000-ым годзе Паўлічэнка на кароткі час апынуўся ў турме. Ён выйшаў адтуль праз тры дні з запэўненнем, што "выканае любое распараджэнне прэзідэнта". А вось старшыня КДБ Уладзімір Мацкевіч і генеральны пракурор Алег Бажэлка пасля арышту Паўлічэнкі пазбавіліся сваіх пасад.

Відавочна, з нейкіх прычынаў Лукашэнка не зацікаўлены ў тым, каб сябры «эскадронаў смерці» апынуліся на лаве падсудных.  Магчыма, тады стануць вядомыя імёны заказчыкаў знікненняў яго палітычных супернікаў.

Гісторыя Юрыя Захаранкі атрымала працяг у 2019 годзе, калі ў Швейцарыі аб'явіўся былы сабравец Юрый Гараўскі. Ён расказаў, што непасрэдна ўдзельнічаў у выкраданні і забойстве палітыка і іншых зніклых людзей.

У Беларусі гэтае прызнанне спусцілі на тармазах.

З моманту знікнення Юрыя Захаранкі прайшло 22 гады. Гэта вялізны тэрмін у маштабах адной сям'і, але малы ў рамках гісторыі. Рана ці позна выкрадальнікі і заказчыкі зніклых палітыкаў будуць устаноўлены. Гэта не верне сваякам іх бацькоў і мужоў, але дазволіць нарэшце адпусціць сваіх блізкіх. А яшчэ зірнуць у вочы іх катам на справядлівым судзе.
Хто ведае, кім будзе галоўны абвінавачаны. 
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям