Памёр той, памрэ і гэты

5 сакавіка ад кровазліцця ў мозг памёр Іосіф Джугашвілі, вядомы таксама як Сталін. З 1924 года да самай сваёй смерці ў 1953 ён з’яўляўся кіраўніком СССР. Сталін арганізаваў масавыя палітычныя рэпрэсіі, раскулачванне, галадамор, рэлігійны пераслед, дэпартацыю народаў, заключыў з Гітлерам пакт аб падзеле Еўропы і затым аж да 1942 года намагаўся вырашаць праблемы на фронце расстрэламі камсаставу.
 
Нават ягонае пахаванне пераўтварылася ў бойню – сотні чалавек загінулі ў цісканіне. Яго помнікі стаялі на ўсіх плошчах, а імем яшчэ пры жыцці былі названыя гарады.
 
Чым усё скончылася?
 
Помнікі адправілі на пераплаўку, а гарады перайменавалі ўжо праз 3 гады пасля смерці фюрара. Прайшло яшчэ 35 гадоў – і ад грузінскага маньяка не засталося і краіны.

Некаторыя дагэтуль шануюць Сталіна і лічаць сваім героем, «бацькам народаў», за пабудаваныя на касцях сялян заводы, скрадзеную ў ЗША атамную бомбу і ўяўную веліч краіны, якая згубіла дзясяткі мільёнаў чалавек, але валодала паловай свету. Гэта аналаг «стакгольмскага сіндрому» альбо «ідэнтыфікацыі з агрэсарам». Гэтыя людзі дагэтуль сярод нас.
 
Прычына ў тым, што пасля паразы ў халоднай вайне мы не правялі працэс аналагічны дэнацыфікацыі ў Нямеччыне. Траўмы мільёнаў людзей, чыіх родных забілі або саслалі, не былі прапрацаваныя. Дзеці катаў не ведаюць пра «слаўнае» мінулае сваіх продкаў або ведаюць, але ставяцца абыякава ці нават ганарацца гэтым.

Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў нашай краіне на хвалі запыту на «моцную руку». Пасля распаду СССР і пагаршэння жыцця, многія беларусы былі дэмаралізаваныя, ім патрэбны былі простыя адказы.

Лукашэнка старанна парадзіраваў Сталіна – развіваў вобраз «бацькі», які лепш ведае, што трэба ягоным «дзецям». Але «чаркай і скваркай» вечна сыты не будзеш. Пасля задавальнення базавых патрэбаў, у людзей змяніліся запыты, а даць адэкватны адказ на іх прэзідэнт АМАПу аказаўся не ў стане. Запыт на правадыра дагэтуль захаваўся, але, на шчасце, сярод маленькай часткі грамадства.

Лукашэнка змог адказаць толькі гвалтам. Ён і тут намагаецца браць прыклад са свайго вечнага правадыра. Тысячы нязгодных прайшлі праз ізалятары – сотні знаходзяцца ў турмах дагэтуль. Ёсць загінулыя. Такога маштабу рэпрэсій Еўропа не ведала з 70-х гадоў мінулага стагоддзя, ад моманту краху дыктатур у Грэцыі і Партугаліі.

Рэжым Лукашэнкі таксама падзе. Уладу немагчыма трымаць вечна – тым больш уладу, пабудаваную на гвалце. Яго кумір памёр сваёй смерцю, хаця мог жыць яшчэ – ахова пабаялася рэагаваць, калі адчула бяду. Лукашэнка, напэўна, таксама хацеў бы падоўжыць кіраванне на час свайго жыцця і памерці прэзідэнтам. Як паказалі падзеі апошняга года – беларусы супраць гэтага. Час дыктатара сыходзіць. Але як Лукашэнка пакіне пасаду прэзідэнта – не так і істотна.

Важна, што застанецца пасля.
 
Толькі разам, салідарна, мы пераможам дыктатуру. Але пасля сыходу Лукашэнкі нічога не скончыцца. Нам трэба будзе будаваць новую Беларусь. І гэта праца ўжо ідзе. Каб не дапусціць да ўлады новага дыктатара, неабходна развіваць грамадзянскія інстытуты, выбудоўваць гарызантальныя сувязі ў грамадстве, арганізаваць сістэму стрымлівання і процівагі, забяспечыць рэальную незалежнасць галін улады адна ад адной.

Так мы прыйдзем да квітнеючага грамадства, дзе вяршэнства мае закон. У выніку гэта выгадна ўсім – нават аматарам «моцнай рукі» ці ябацькам.

Дыктатарская ўлада неэфектыўная як для краіны, так і для людзей паасобку, і нават для прыхільнікаў гэтай самай улады. Сістэма Сталіна знішчала сама сябе. Многія каты загінулі падчас Вялікага Тэрору. Частка была асуджаная пасля развянчання культу асобы і толькі некаторыя дажылі да старасці і асабістых пенсій.

Як і сістэма Сталіна, сістэма Лукашэнкі ўжо знішчае сама сябе і не шкадуе ні ябацек, ні нават сыноў фюрара. Выканаўцы волі Лукашэнкі ўжо знаходзяцца пад страхам пацярпець усяго толькі з-за памылкі ў дакументацыі. Ці яно таго варта?  

Падтрымаць палітвязняў ТУТ
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям