Колькі насамрэч палітвязняў у Беларусі?

У кастрычніку прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці выступілі з ініцыятывай перагледзець афіцыйную колькасць палітвязняў у Беларусі. Насамрэч такіх людзей больш, проста не ўсе адпавядаюць фармальным крытэрам. Пра тое, чаму гэта важна паразмаўлялі з Вячаславам Касінеравым з dissidentby і Марынай Адамовіч, якая прадстаўляе ініцыятыву «Вызваленне 2020».

Раскажыце, калі ласка, пра арганізацыю, якую прадстаўляеце.

В.К. Ідэя стварэння нашай ініцыятывы dissidentby з'явілася яшчэ ў 2017 годзе. Тады мы з сябрамі з актывістскіх колаў выразна ўсвядомілі, што рэпрэсіўныя практыкі, якія шырока выкарыстоўваюцца з боку рэжыму Лукашэнкі з'яўляюцца выдасканаленым інструментам для падаўлення свабоды слова і незалежных меркаванняў у краіне. А самае галоўнае - факты палітычнага пераследу актывістаў, незалежных журналістаў, апазіцыянераў і ўсіх непажаданых дыктатару не выклікаюць належнай рэакцыі з боку існуючай праваабарончай супольнасці і грамадзянскіх ініцыятыў.

Шэраг людзей, якія апынуліся пад катком сістэмы, у тым ліку ў месцах пазбаўлення волі, часта заставаліся сам-насам з жорсткасцю сілавікоў, залежных судоў і адміністрацыяй калоній і турмаў. Менавіта тады мы пачалі актыўна ўключацца ў працэс прамой дапамогі такім людзям, і ў першую чаргу тым, каго з тых ці іншых прычынаў дзейная праваабарончая супольнасць не хацела прызнаваць палітвязнем.

М.А. Мы арганізацыяй як такавой не з'яўляемся. Я адзін з прадстаўнікоў грамадзянскай ініцыятывы “Вызваленне 2020“, якая яднае свякоў палітвяўзняў. Разам перажыць цяжкія часы лягчэй, вырашаць нейкія пытанні, задачы і, безумоўна, падтрымліваць адзін аднаго.

Пракаментуйце заяву, зробленую вамі ў кастрычніку. Чаму вы хочаце ўнесці змену ў падлік колькасці палітвязняў, чаму гэта важна?

В.К.
У нашых спісах палітвязняў заўжды было больш людзей, чым у арганізацый, якія працавалі ў Беларусі ўжо даўно. Найперш гэта было і працягвае быць звязана з тым, што яны не ўлічваюць кантэкст рэпрэсіўнай сістэмы ў Беларусі, яе генезіс і развіццё.

Таксама вельмі яскрава выявілася неадэкватнасць рашэнняў аб прызнанні палітвязнямі у той сітуацыі, у якой апынулася Беларусь. Бо пры поўным прававым калапсе ў краіне, нарматыўнасці катаванняў, палітычна матываваных забойствах і адкрыта садысцкіх практыках у адносінах да тысяч людзей, сістэма працы найбольш вядомых праваабаронцаў практычна не змянілася. І зараз за бортам неабходнай інфармацыйнай і матэрыяльнай падтрымкі засталося ўжо не некалькі чалавек, а сотні.

М.А. Наш удзел у гэтай заяве вынікае з самой сутнасці нашай ініцыятывы, бо мы аб’ядноўваем людзей незалежна ад таго прызнаюць іх палітзнвяволенымі так званыя афіцыйныя праваабарончыя арганізацыі. Мы зыходзім з таго, што кожны з пацярпелых у сувязі з пратэстамі людзей мае права на падтрымку, на абарону законам і справядлівы разгляд сваёй справы. У нашай групе ніколі такого дзялення не было. Усе гэтыя людзі пацярпелі з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі. Або з-за рэалізацыі свайго права на неабходную абарону ці самааброну.

Раскажыце пра вашу методыку падліку палітвязняў і чым яна адрозніваецца ад методыкі праваабаронцаў?

В.К. Галоўны камень спатыкнення паміж намі і больш вядомымі праваабаронцамі ў тым, што нават у падобнай сітуацыі яны адмаўляюць любую магчымасць людзей ужываць сілу для абароны сябе ці сваіх блізкіх, свайго здароўя ці ўласнасці (што з'яўляецца часткай неад'емных правоў чалавека), ад жорсткіх і садысцкіх дзеянняў сілавікоў, якія часцяком (і гэта задакументавана) прыводзяць да забойстваў.

Менавіта таму мы і стварылі пэўную кааліцыю дзейных ініцыятываў і арганізацый, фондаў, праваабаронцаў і незалежных актывістаў, каб гучна заявіць аб тым, што існуючы падыход да прызнання чалавека палітычным зняволеным састарэў і не адказвае сучасным выклікам у кантэксце Беларусі.

М.А. Калі ў краіне ўжо паўтары гады існуе беспрэцэндэтная сітуацыя, калі мы не можам спадзявацца на разгляд любой справы справядлівым незалежным судом, мы мусім сыходзіць з прэзумпцыі невінаватасці. Да таго ж увесь свет абляцелі кадры брутальных дзеянняў людзей без апазнавальных знакаў, якія ніяк не прадстаўляліся. Калі на чалавека нападаюць такія неўстановленыя асобы, яго права абараняць сваё жыцце з’яўляецца непахісным.

Сукупнасць гэтых фактараў найперш вымагае таго, каб падыходы аб прызнанні палітычнымі зняволенымі, мусяць быць пераглежданыя. Мы разумеем, што сярод людзей, якія патрапілі сёння за краты, могуць быць тыя, хто ажыццяўляў нейкія гвалтоўныя дзеянні, але для нас відавочная несувымернасць пакарання, і ім павінна быць прадастаўлена права на справядлівае судовае разбіральніцтва.

Наколькі дасканалыя вашыя падлікі, ці ахопліваюць яны сапраўды ўсіх пацярпелых ад дзеянняў рэжыму?

В.К. Мы не апелюем да нейкіх здагадак і ўласнага, нічым не абгрунтаванага бачання, але абапіраемся на ўсё тыя ж крытэры прызнання чалавека палітвязнем, прынятыя ПАРЕ ў 2012 годзе. Адзінае, на чым мы настойваем - гэта змена трактоўкі гэтых крытэраў, зыходзячы з сітуацыі прававога калапсу ў краіне.

Мы гатовы сцвярджаць, што нашы спісы найбольш поўныя і ўвесь час абнаўляюцца. У тым ліку гэта адбываецца шляхам супрацоўніцтва з рознымі сумежнымі ініцыятывамі і арганізацыямі, бо ўсе мы дзелімся інфармацыяй і стараемся сумесна арганізоўваць працэс салідарнасці. Таксама мы атрымліваем інфармацыю аб тых ці іншых людзях у зняволенні ад журналістаў, да якіх часта звяртаюцца людзі.

У наш спіс трапляюць тыя, пра каго ніхто не ведае. Па збегу акалічнасцяў яны апынуліся ў адной камеры з тымі, пра каго нам ужо вядома. Такія вязні самі спрабуюць перадаць нам падрабязнасці свайго пераследу. Падобныя кейсы мы пацвярджаем праз адваката, які пасля атрымання вышэйапісанай інфармацыі ідзе з візітам і даведаецца падрабязнасці крымінальнай справы.

М.А. Стараемся лічыць вядомых нам (на жаль, гэта вельмі істотная агаворка) таму што мы ўсведамляем, што мажліва за кратамі знаходзіцца ў разы больш людзей. Апошняя лічба, якую агучыў следчы камітэт (напрыканцы ліпеня, здаецца) што было узбуджана 4691 спраў так званай пратэстнай скіраванасці, звязаных з выбарчымі і пасля выбарчымі падзеямі.

Канешне, не ва ўсіх справах ёсць абвінавачаныя, частка людзей можа быць на волі, альбо за мяжой. Усведамляючы, што ў цэлых шэрагах выпадкаў справа ўзбуджана супраць нявызначанага колу асоб, мы павінны разумець усё ж, што лічба нашмат большая чым тая, якой мы можам аперыраваць. Мы лічым палітзняволенымі ўсіх, хто знаходзіцца за кратамі, на “хіміі”, пад хатнім арыштам.

Мы прапаноўваем ўвесці яшчэ адзін крытэр: асобы, якія пацярпелі ў выніку палітычнага пераследу. Гэта тыя асобы, якія напрыклад знаходзяцца на “хатняй хіміі”. Таксама мы ўсведамляем, што частка людзей, якія адбылі пакаранне і былі вызваленыя, таксама маюць права на далейшую поўную рэабілітацыю і кампенсацыю выдаткаў.

Пасля вашай заявы ці звязваліся з вамі прадстаўнікі праваабарончых арганізацый і як яны ўвогуле на яе адрэагавалі?

В.К. Мы спрабуем размаўляць з праваабаронцамі, якія дзейнічаюць даўно ў Беларусі, ужо з 2017-18 года. Мы ўвесь час запрашаем да абмеркавання ўсе магчымыя профільныя і не толькі структуры і арганізацыі. На вялікі жаль, даволі часта мы сустракаем стаўленне і рыторыку, блізкую да той, як быццам мы звяртаемся да манапаліста ў якой-небудзь сферы. Людзі не жадаюць уступаць у дыскусію па дадзеным пытанні і спрабуюць рабіць выгляд, што наш падыход не існуе ці ён неістотны.

У той час як мы разам з партнёрскімі арганізацыямі знаходзімся на самым лязе дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій. Пры гэтым не існуе нейкага жорсткага супрацьстаяння паміж прыхільнікамі старога падыходу і намі, мы супрацоўнічаем па шматлікіх пытаннях, дзелімся інфармацыяй дапамагаем адзін аднаму. Аднак настойваем на правамернасці нашага бачання, бо ад гэтага залежаць лёсы шматлікіх сотняў людзей.

М.А. Асабіста са мной яны з гэтай нагоды не звязваліся, я маю на ўвазе тыя арганізацыі, якія падпісваюць заявы аб прызнанні палітычнымі зняволеннымі. Мы запрашалі да супрацоўніцтва прадстаўнікоў гэтых арганізацый. Але працэс пакуль марудны.

Ці была нейкая рэакцыя на вашу заяву пра бакі офіса Святланы Ціханоўскай ці НАУ? Ці чакаеце вы ад іх гэтай рэакцыі?

В.К. Цяпер нам і нашай кааліцыі патрабуецца ўся магчымая падтрымка і мы былі б вельмі рады, калі б Святлана Ціханоўская далучылася да нашай заявы і агучвала рэальную колькасць палітвязняў на сустрэчах высокага ўзроўню, у якіх прымае ўдзел. НАУ ж нас падтрымалі і зараз мы чакаем толькі лагатып, каб размясціць яго ў нашым спісе салідарных з нашым падыходам арганізацый і ініцыятыў.

М.А. Мне вядома пра НАУ, які размясціў заяву з падтрымкай нашага падыходу. Што тычыцца заявы Офісу Святланы Ціханоўскай, то мне ніякай рэакцыі невядома, тым больш, што мы ніякіх сувязей з Офісам не маем. Дарэчы, мяне гэта здзіўляе.

Як беларусы могуць дапамагчы вашай ініцыятыве?

В.К. Найлепшай дапамогай для нас, а галоўнае – для палітычных зняволеных, будзе выкарыстанне больш поўнай колькасці (палітвязняў), якую мы з усіх сіл спрабуем кожны дзень актуалізаваць. Гэта дазволіць зрабіць бачнымі пацярпелых людзей як для беларускай, так і для міжнароднай супольнасці, а таксама гарантуе людзям інфармацыйную, маральную і матэрыяльную падтрымку. Ну і, само сабой, зменіць статут чалавека ў месцах зняволення, пазбавіўшы яго ад шэрагу пагроз, ціску і катаванняў.

Распаўсюджанне інфармацыі аб нашым падыходзе і поўных і актуальных спісаў палітычных зняволеных дазволіць людзям самім разабрацца ў гэтым пытанні і ўключыцца па меры жадання і магчымасцяў у працэс салідарнасці, а таксама перадаваць нам ці партнёрскім арганізацыям неабходную інфармацыю аб рэпрэсаваных беларусах.

М.А. Беларусы – гэта галоўны адрасат нашага звароту. И гэта галоўныя суб’екты якія могуць дапамагаць і палітычным зняволенным, і іх блізкім. Галоўная мэта нашай заявы была ў тым каб людзі, якія пацярпелі за выказванне сваёй палітычная пазіцыі з-за прагі да дэмакратыі і перамен у краіне, маглі мець поўнае права быць вядомымі і атрымаць падтрымку ад грамадства.

І безумоўна, мы ўсе разумеем што калі чаканыя перамены прыйдуь, тады людзі, пра якіх зараз вядома, будуць вызваленыя неадкладна. Я прынамсі на гэта вельмі спадзяюся. І чым больш будзе кола такіх людзей, тым хутчэй мы пяройдзем да будаўніцтва дэмакратычнага грамадства. На сёння гэтыя людзі і іх сем’і маюць патрэбу ў падтрымцы. Гэта і падтрырмка ліставаннем, і пасылкі, і бандэролі, грашовыя пераводы.

Людзі павінны разумець, што яны не засталіся сам на сам з той бядой, у якой апынуліся яны і іх сем’і. Для зняволенага вельмі важна ведаць, што яго сям’я карыстаецца падтрымкай і ўвагай, што на яе не глядзяць як на сям’ю злачынцы.

Як унесці чалавека ў ваш спіс палітвязняў?

М.А. Гэта вельмі проста. У выпадку затрымання чалавека, звязанага з выказваннем сваёй пазіцыі, нязгоды, пратэста, варта інфармаваць арганізацыі, якія ўказаныя ў нашай заяве.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям