Дзень Волі

25 сакавіка беларусы адзначаюць Дзень Волі. 103 гады назад у гэты дзень у Менску ў будынку гарадскога тэатра (цяпер тэатр Янкі Купалы) была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Яна праіснавала нядоўга, але зрабілася гучнай заявай нашага народу пра сваё месца на карце Еўропы. Калі б тады не было БНР, не было б Беларускай сацыялістычнай рэспублікі ў складзе СССР, а пасля – Рэспублікі Беларусь.

Сёння прадстаўнікі фонду “Краіна для Жыцця” сумесна з офісам Святланы Ціханоўскай і беларусамі Літвы, усклалі вянкі заснавальнікам БНР на могілках Расу ў Вільні.


       

Заснавальнікі БНР былі прадстаўнікамі розных слаёў насельніцтва. Іх аб’ядноўвала адно – жаданне бачыць свой край свабоднай і незалежнай краінай. На жаль, пры жыцці яны гэтага не дамагліся. Сусветныя гульцы не былі зацікаўленыя ў з’яўленні незалежнай Беларусі, а самі беларусы яшчэ не маглі заявіць пра сябе як пра паўнавартасны аб’ект, а не суб’ект міжнароднай палітыкі.

У БНР існаваў інстытут грамадзянства, дзяржаўная пячатка і сімволіка. Былі прадэклараваныя межы тэрыторый, на якія меркавалася распаўсюдзіць суверэнітэт БНР. Але ў той жа час адсутнічалі асноўныя прыкметы дзяржавы: суверэнітэт над тэрыторыяй (акупаванай Германіяй), канстытуцыя, манаполія на збор падаткаў і прымяненне гвалту, мясцовыя органы ўлады і судовая сістэма.

У больш спрыяльных умовах беларусы здолелі б стварыць сваю незалежную дзяржаву, як гэта ўдалося літоўцам, латышам або эстонцам. Але на пачатку ХХ стагоддзя ў нашых продкаў не атрымалася. Затое яны заклалі трывалы падмурак – аснову нашай дзяржаўнасці. У 1918 годзе Беларусь як асобная краіна ўпершыню з’явілася на мапе Еўропы.

Праз 103 гады Беларусь валодае ўсімі атрыбутамі незалежнай дзяржавы, за выключэннем аднаго – улада належыць не народу, а дыктатару. Надышоў час выправіць гэтае непаразуменне.

Беларусь будзе вольнай!
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям