Амбасадар фонду “Краіна для Жыцця” Іван Сінякоў: “Чалавек з сапсаванай псіхікай стаў кантраляваць занадта шмат”

Фонд “Краіна для Жыцця” працягвае шукаць Амбасадараў – людзей, якія будуць прадстаўляць Фонд у краіне свайго пражывання. Некалькі чалавек ужо адгукнуліся на наш заклік. Сёння мы расказваем пра Івана Сінякова, які жыве ў Новай Зеландыі.
 
Раскажыце пра сябе. Вы беларус, або маеце сваякоў у Беларусі?

Я – беларус у другім пакаленні. Бацькі пераехалі ў дзяцінстве з Сібіры і сярэдняй Расіі. Нарадзіўся ў Менску ў 1974 годзе. У Менску засталася сястра з сям’ёй і мама.

Як склалася, што вы жывяце ў Новай Зеландыі (гэта ж самы край свету)?

З’ехаў з сям’ёй у 2003, калі зразумеў, што нічога змяніць не магу і ўсё ідзе не туды. Не захацеў губляць час і зрабіў выбар на карысць новага жыцця. Добрая ангельская, спецыяльнасць у праграмаванні і досвед працы ў ЗША, дапамаглі хутка ўладкавацца на новым месцы. На сённяшні момант цалкам інтэграваны ў сацыяльныя сістэмы Новай Зеландыі. Ніколі не шкадаваў аб сваім выбары.

Ці сочаць у Новай Зеландыі за падзеямі ў Беларусі? За якімі краінамі асабліва сочаць (Аўстралія, або ЗША, або Еўропа)?
 
На жаль, большасць жыхароў Новай Зеландыі не моцна цікавіцца навакольным светам. Я думаю, гэта ўласціва большасці краін з добрым узроўнем развіцця – людзей больш цікавяць унутраныя справы на мясцовым узроўні: экалогія, мясцовая ўлада, лакальныя палітыкі і лідары меркаванняў. Гэта нармальна – на гэтыя пытанні можна ўплываць. Дастаткова развітыя лакальныя чаты па раёнах.
З міжнародных навін: Аўстралія – 50%, Англія – 25%, ЗША – 15%, Кітай – 5% і астатні свет – 5%. Навіны з Беларусі нават на піку напружанасці не выходзілі на першыя палосы. Сярэдні чалавек вельмі дрэнна ведае геаграфію.
 
У які момант вы зацікавіліся падзеямі ў Беларусі?
 
За навінамі сачыў заўжды, у курсе ўсіх важных падзей у Беларусі, Расіі і Украіне.

Ці быў у вас летась спадзеў на злом звыклага ходу падзей у Беларусі? І, калі так, то чаму?
 
Так, быў і моцны. Памятаю перажыванні тых падзей. Фактычна як зводка навін з лініі фронту – так эмацыянальна моцна. На мой погляд, усё было вельмі моцна, не гледзячы на сур’ёзную (і недаацэненую) пагрозу вірусу. Асабліва гэта было моцна ў параўнанні з 2010-м. Тады ўсё рэальна было вяла.
 
Ці ёсць у вас тлумачэнне таму, што адбываецца ў Беларусі да і пасля выбараў-2020?
 
Ёсць чалавек з сапсаванай псіхікай, які па волі людзей стаў галоўным. З цягам часу ён стаў кантраляваць занадта шмат. Таму зараз нам вельмі цяжка.
 
Ваш прагноз на развіццё сітуацыі ў Беларусі: як бачыце найгоршы варыянт развіцця падзей, як – найлепшы? І ці магчымыя розныя варыянты, альбо ёсць пэўная прадвызначанасць?

Мы ў любым выпадку прыйдзем да змены ўлады. Застаецца пытанне, якім коштам і як хутка. Шмат залежыць ад сітуацыі ў Расіі: калі там будзе горш – нам будзе лепш. Тым не менш, перыяд пакут заўсёды ідзе на карысць фармавання нацыі. Цяжкія часы нараджаюць моцных асобаў, яднаюць у барацьбе і значна ўзмацняюць культуру.

Чаму вы вырашылі стаць Амбасадарам фонду? Што плануеце зрабіць у гэтай ролі?

Кожны Беларус павінен рабіць, што можа для агульнай справы. У мяне дзеці фактычна дарослыя, ёсць час і жаданне дапамагаць. Для пачатку займуся візуальнай агітацыяй – на аркушы А4 надрукую, што адбылося ў Беларусі ў жніўні 2020. Зраблю серыю артыкулаў: “Кошт Свабоды” (“The Price of Freedom”). Мэта – павялічыць колькасць людзей, якія цікавяцца нашымі справамі. Асобна распавяду пра жанчын пратэсту.
 
Што можаце пажадаць беларусам?

Працягваць “далбіць” – ніхто не ведае, які ўдар зломіць будыніну дыктатуры.

Калі вы хочаце стаць Амбасадарам Фонду, запаўняйце форму і мы абавязкова звяжамся з вамі!
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям