Дранік-фэст салідарнасці

У мінулыя выходныя ў некалькіх краінах свету адбыўся Дранік-фэст, прысвечаны культавай страве беларускай кухні. У межах гэтага свята прадстаўнікі дыяспар у Вялікабрытаніі і Аўстраліі правялі акцыі па зборы сродкаў на падтрымку палітвязняў.

Ірына. Жыве ў Эдынбургу (Шатландыя).

На свята прыйшло каля 35-40 чалавек. Большасць з іх беларусы, ці людзі, якія маюць беларускія карані (у Брытаніі вельмі шмат выхадцаў з Латвіі, Літвы - часцяком у іх тата ці маці з Беларусі).

Адзін з прадстаўнікоў нашай суполкі - баптыст. Яго царква бясплатна выдзеліла памяшканне для правядзення нашага свята. Вельмі вялікае, з месцам для дзяцей.



Мы запрашалі на гэтае мерапрыемства ўсіх, хто любіць Беларусь. Было вельмі добра, было весела, прыйшлі тыя, каго я нават не ведала. Негатыўны момант - цяжка было казаць аб палітыцы. Ня ведаю чаму людзі ў дыяспары баяцца выказвацца. Можа з-за сваякоў у Беларусі, можа самі плануюць ездзіць у Беларусь. Ёсць некалькі актыўных чалавек, але астатнія беларусы ў Шатландыі не жадаюць гэтым займацца адкрыта.

Цікавы момант. У нейкіх праектах нам больш памагаюць шатландцы. Муж маёй сяброўкі неверагодна ўцягнуты - працуе з дэпутатамі, займаецца ўсынаўленнем палітычных зняволеных. Мой муж займаецца ўсім, што да спорту. Ёсць прафесар, які вядзе падкаст па беларускім футболе.

Шатландцам вельмі цікавая беларуская тэма, бо ёсць шмат паралеляў паміж намі. Маленькая краіна ў складзе імперыі, з мовай, якая ў занядбаным стане. Культура падобная –  тыя ж дудары, шатландская скрыпка, акрэдэон. Усё вельмі падобна як у культуры, так і ў нацыянальнай самасвядомасці. Шатландцы вельмі міралюбівы і прыязны народ.

Кухні нашых краін таксама падобныя. Хіба што ў Шатландыі ежа цяжэйшая, што, мусіць, злучана з халаднаватым кліматам. У майго мужа дранікі з поліўкай – гэта любімая страва.



Я зараз працую над праектам «Вірутальны дранік», які будзе накіраваны на фандрэйзінг не сярод дыяспар, а для замежнікаў. Ёсць старонка «Love Draniki» у Facebook. Туды можна адправіць свае рэцэпты. Людзі ахвяруюць грошы і атрымліваюць рэцэпт драніка.

Думаю, дыяспарам трэба аб'ядноўвацца на міжнародным узроўні для дапамогі закладнікам рэжыму.

Арцём. Жыве ў Перце (Аўстралія).

Мы на пачатку нашага шляху па стварэнні таго, што можна было б назваць беларускай супольнасцю, і таму чаканні кожнага з нас, напэўна, умерана асцярожныя.

Беларускія сем'і, якія перабраліся ў Заходнюю Аўстралію ў 21 стагоддзі, сустрэліся першы раз у чэрвені мінулага года. З таго часу мы сустракаліся разам, можа, пяць разоў. Усе мы хочам, каб у нас атрымалася стварыць дружную і цікавую супольнасць, таму ўсе ініцыятывы прымаюць з энтузіязмам і пазітыўна.



Дранік-фэст атрымаўся вельмі імправізаваным - уласна дранікі не з'яўляюцца ўсвядомленым гастранамічным выбарам нікога з нас, але я напёк кучу дранікаў, якія сталі ўпрыгожваннем стала.

На жаль, нашая сустрэча была азмрочаная смерцю лідэркі старой беларускай дыяспары (яна памерла ў сераду на мінулым тыдні), таму яднання са старой дыяспарай не атрымалася. Але нічога страшнага. У наступны раз.



Я падрыхтаваў праграму для збору сродкаў у фонд "Краіна для Жыцця", але так атрымалася, што нас было зусім мала, на жаль, запланаваны збор не атрымаўся. Але будзе яшчэ адна сустрэча і яшчэ адна магчымасць, галоўнае - гэта кірунак і сталасць руху: адзін крок за іншым.

Сябры, толькі супольнымі намаганнямі ўсіх беларусаў, якія жывуць у самых розных краінах і частках свету, мы зможам перамагчы дыктатуру цемры на нашай агульнай радзіме. Давайце аб'ядноўвацца і дапамагаць тым, каму зараз асабліва цяжка - палітвязням і іх сем'ям. Праца па яднанні не прападзе дарма, а стане падмуркам паспяховага грамадства і дзяржавы, якая будзе пабудавана ў Беларусі нашымі агульнымі намаганнямі.
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям