Вуліца у гонар Вітольда Ашурка

Беларусы Літвы звярнуліся да мэра Вільнюса.
 
Беларусы Літвы (як новыя рэлаканты, так і даўнія прадстаўнікі дыяспары) звярнуліся да мэра Вільнюса Рэмігіюса Шымашуса з просьбай назваць адну з вуліц сталіцы Літвы ў гонар Вітольда Ашурка. Публікуем некаторыя вытрымкі з ліста.
 
"Вітольд Ашурак быў беларускім палітычным зняволеным, сям'я якога таксама падвяргалася рэпрэсіям у савецкі час. Ягоны дзед быў расстраляны супрацоўнікамі НКВД у Катыні.

13 кастрычніка 2020 года Вітольду Ашурку споўнілася 50 год. Свой апошні дзень нараджэння ён сустрэў у турме, куды быў адпраўлены за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў жніўні і верасні мінулага года. 18 снежня ў Лідскім раённым судзе Максім Філатаў прыгаварыў Вітольда Ашурка да 5 гадоў пазбаўлення волі.
 

21 траўня стала вядома пра смерць актывіста, але калі дакладна ён памёр, не высветлена да гэтага часу - ягоных лістоў сваякі не атрымлівалі з 25 красавіка.
 
На пахаванні галава Вітольда Ашурка была забінтавана так, што быў бачны толькі рот, а рукі распухлі.
 
Ёсць падставы меркаваць, што ягоная смерць была гвалтоўнай. Акрамя таго, на сваякоў загінулага аказваўся ціск, што вымусіла іх адмовіцца ад правядзення незалежнай экспертызы, аб якой стала вядома напярэдадні пахавання 25 траўня.
 
Вітольд Ашурак быў грамадзянскім актывістам, адным з тых, хто аднавіў мемарыял паўстанцам Кастуся Каліноўскага ў Лідскім раёне.
 
Вітольд Ашурак быў пахаваны пад беларускім гістарычным флагам, як ён прасіў...
 
Вітольд Ашурак заслугоўвае таго, каб яго увекавечылі ў назвах вуліц. Сёння ў Беларусі, пры Аляксандры Лукашэнка, гэта немагчыма.
 
Мы спадзяемся на Літву, якая салідарна з народам Беларусі, падтрымлівае памяць пра нашую агульную гісторыю і пакажа, што прызнае героямі ўсіх, хто быў бязлітасна забіты рэжымам Лукашэнкі. Спадзяемся, што пасля перамогі беларускага народа вуліцы Вітольда Ашурка з'явяцца ва ўсіх гарадах Беларусі.
 

З'яўленне ў Вільнюсе вуліцы імя Вітольда Ашурка стала сімвалам і пацверджаннем таго, што раней ці пазней справядлівасць возьме верх, у Беларусі ўсталюецца дэмакратыя, Усе злачынствы будуць расследаваныя, а вінаватыя панясуць пакаранне.

Вуліца імя Вітольда Ашурка ў Вільнюсе ўсяляе ў беларусаў надзею на тое, што Беларусь раней ці пазней стане незалежнай дзяржавай - такой, якой яе бачылі Кастусь Каліноўскі і Вітольд Ашурок.
 
Шчыра,
 
Марыя Мароз, дабрачынны фонд "Краіна для Жыцця"
 
Вераніка Мішчанка, беларуская сацыял-дэмакратычная партыя "Народная Грамада"
 
Вольга Карач, Дзяржаўная ўстанова Міжнародны цэнтр грамадзянскіх ініцыятыў "Наш дом"
 
Доктар Аляксандр Адамковіч, старшыня Беларускага культурнага таварыства ў Літве
 
Наталля Калегава, ГУ "Дапамога".
 
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям