Як зараз жывуць Олеся і Лада - родныя палітзняволенага Кіма Самусенкі

Олеся Жыткова - жонка палітзняволенага Кіма Самусенкі. У 2020 у іх нарадзілася дачушка Лада. У лістападзе таго ж года Кім і ягоны брат Аляксей былі арыштаваныя, а потым прысуджаныя да вялікіх тэрмінаў зняволення. Вядома, што ў віну братам ставілі ўзлом кампьютэрнай сістэмы Менгарвыканкама, а таксама ўдзел або арганізацыю дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак.

Пасля арышту мужа Олеся разам з Ладай з'ехала да бацькоў ва Украіну, бо не хацела каб на Кіма ціснулі праз яе. Расійскае ўварванне заспела Олесю і Ладу ў Крапіўніцкім - горадзе ў цэнтральнай частцы Украіны. Зараз яны знаходзяцца ў Польшчы, куды эвакуіраваліся як і многія іншыя ўкраінцы. Мы сустрэліся з маці і яе дачкой у адным з кафэ Варшавы і выслухалі іх гісторыю. 



- Як вы даведаліся пра тое, што пачалася вайна?


- Мы былі у маім родным горадзе - Крапіўніцкім. Там не было авіяўдараў – проста я прачнулася ад гуку самалётаў. Як я зразумела, гэта была наша СПА. Я зайшла ў навіны і ўбачыла, што Расія здзейсніла авіяўдары. Так я і дазналася.

- У Крапіўніцкім зараз ідуць баявыя дзеянні?

- Ваенных дзеянняў няма, але пастаянна гучаць сірэны паветранай трывогі.

- Хтосьці з вашых родных застаўся там?

- У мяне многа сяброў, родзічаў. Украіна мая родная краіна і багата ў якіх гарадах у мяне ёсць сябры. Многа з кім я пазнаёмілася, калі вучылася ў Кіеве ва Універсітэце. На вучобу туды прыяжджаюць людзі з розных гарадоў. Таму ў мяне ў кожнай вобласці ёсць мінімум адзін аднакурснік. Ва ўсіх тых небяспечных зараз для пражывання гарадах пад Кіевам, якія мільгаюць у навінах, у мяне таксама многа знаёмых. Я кожны дзень манітору – ці анлайн гэты чалавек, ці не анлайн. Калі я разам з дзіцёнкам у бяспецы – гэта не значыць, што я пачуваюся нармальна. У мяне родныя і мноства сяброў засталіся ва Украіне.

- Як вы пераходзілі мяжу – напэўна, былі складанасці?

- Так, было складана. Па-першае чэргі на дарогах. І па другое, чэргі на самой мяжы. Уся тэрыторыя Украіны – гэта зараз тэрыторыя ваенных дзеянняў. Стаяць у чарзе і не мець магчымасці куды-небудзь паехаць – гэта вельмі цяжка. Было страшна, проста страшна. Давялося ехаць праз палову краіны, якую абстрэльваюць.



- Як хутка вы прайшлі мяжу?

- За двое с паловай содняў. І гэта было яшчэ хутка. Мне дужа дапамагло тое, што дапамагалі падчас дарогі украінцы. Яны давалі прытулак. Валанцёры на працягу гэтай чаргі (а яна сягала на 25 кіламетраў) мясцовыя жыхары, прыносілі ежу, падгузнікі – усё, што толькі можна. Беларусы дапамагалі інфармацыйна – кантактаваліся з валанцёрамі, якія мне падказвалі дзе, што, як у Польшчы, да каго звярнуцца. Зараз беларусы ў Варшаве мне дапамаглі з жыллём.

- Якую адказнасць нясуць беларусы за гэтую вайну?

- Беларусы не нясуць адказнасці, але мажліва яе нясуць якія-небудзь людзі з пашпартам Беларусі.

- Дзяржава Беларусь нясе адказнасць?

- З тэрыторыі Беларусі адбываюцца паветраныя ўдары. Гэта факт.

- Некаторыя ўкраінцы сёння асуджаюць беларусаў. Як вы думаеце, ці хутка адновяцца адносіны паміж нашымі народамі?

- Мне здаецца, што патрэбен будзе пэўны час, калі зноў будуць наладжаны зносіны. Я чытаю розных людзей, скажам так, лідараў думак. Хтосьці кажа, што ўсё будзе добра (паміж беларусамі і ўкраінцамі), а хтосьці, што мы не можам сёння прымаць палавінчатых рашэнняў – ёсць або плюс, або мінус. Я схіляюся да таго, што людзі якія разумеюць беларусаў – тыя ў любым выпадку зразумеюць ўсё. А людзі, якія меньш разбіраюцца ў сітуацыі, якая склалася ў Беларусі, яе глыбіні, тым будзе патрэбны нейкі час, каб усвядоміць.



Гэта тое, пра што я казала заўжды, не трэба прымяраць украінскі вопыт на беларускі. І казаць, што трэба было рабіць і як. Зараз людзі працягваюць даваць парады. Але ж добра збоку казаць як трэба.  Мы мусім проста ўжо не даваць парад, а сыходзіць з той сітуацыі, якую маем.

- Як беларусы могуць дапамагчы Украіне і ўкраінцам?

- Па-першае, дапамагаць украінцам якія выехалі. Адаптавацца ў Варшаве, напрыклад. Гэта могуць зрабіць тыя, хто тут доўга жыве. Па-другое, патрэбная інфармацыйная падтрымка ўкраінцаў. Я ведаю, што гэта цяжка, ведаю, што за гэта караюць, але гэта варта рабіць беларусам у Беларусі. Проста даводзіць праўду тым людзям, якія знаходзяцца ў альтэрнатыўнай реальнасці, якія глядзяць беларускі ці расійскі тэлевізар. Магчыма, гэта дарэмная праца, але тым не менш.

У нас гарады, якія лічыліся прарасійскімі (або ў якіх ёсць прарасійскі элемент) выходзяць сёння без зброі, з украінскімі сцягамі супраць танкаў. Я моцна ганаруся сваім народам, і тым, што ўкраінцы так робяць. Яны выказваюць такім чынам сваю пазіцыю, і гэта проста дэмаралізуе праціўніка.

- Калі скончыцца вайна?

- Думаю, гэта будзе няхутка. Таму што ёсць матываваная Україна, якая не пагодзіцца на капітуляцыю і не пойдзе на тыя ўмовы, якія ставіць Расія. Уявіце сітуацыю, гэта як быццам прыйшоў сусед, б’е мяне і кажа: “ Я цябе выратую і забяру палову тваёй хаты”. Ён што, думае, што я яму скажу: “Давай дамаўляцца, я табе чвэрць хаты аддам”. Не, тут толькі адзін варыянт, каб гэты сусед зыходзіў зусім. Паўмеры тут немагчымыя і украінцы матываваныя, бо бароняць сябе і сваю краіну.  Так што здавацца прыйдзецца Расіі, не ведаю, як хутка яны пойдуць на гэта.

- Раскажыце пра Кіма. Што ён за чалавек?

- Кім – адказны чалавек, чалавек слова. Для яго ёсць некалькі вельмі важных рэчаў у жыцці: яго краіна, сям’я, сябры, з якімі ён доўга разам. Кім вельмі рашучы. У некаторых момантах нават бескампрамісны. Калі ён ведае, што так рабіць правільна, але ад гэтага яму будзе горай, ён усё роўна зробіць як трэба. Напрыклад, калі мы ажаніліся, ён у клятве сказаў: “я буду казаць табе праўду, калі яна нават не спадабаецца ні табе, ні мне”.

Кім – адкрыты  чалавек, нічога не скрывае і робіць тое, што лічыць правільным. Кім – беларускамоўны. Я гавару па-украінску. Таму першапачаткова мы размаўлялі расійскаю мовай, бо было цяжкавата разумець адзін аднаго.

- Але ж беларуская і украінская мовы падобныя.

- Так, але ўсё роўна было цяжкавата па першым часе. Калі нарадзілася Лада, мы з ёй гаварылі кожны на сваёй мове. Гэта было прынцыпова. Ну і разам звычайна, канешне, глядзелі якія праграмы ці фільмы па-украінску, або па-беларуску.

Дарэчы, арышт Кіма – гэта тое, што мне дапамагло лепш пісаць і размаўляць па-беларуску. Бо ёсць такі выбар – ліставацца па-расійску, або па-беларуску. Я пішу на роднай мове Кіма. Там ёсць, канешне, памылкі, але ты не менш. Галоўнае – гэта практыка. Калі Кім выйдзе, я прапаную яму перайсці ў паўсядзённым жыцці кожнаму на сваю мову, не карыстацца расійскай увогуле.

- На каго з вас больш падобная Лада?

- Па характары, як і знешне, падобная і на мяне, і на Кіма. Праяўляюцца, мабыць, нашыя агульныя рысы. Такая актыўнасць, прынцыповасць, жаданне ісці да канца.



- Кім ведае, што вы зараз у бяспецы?

- Так. Я не ведаю, ці атрымалівае ён зараз мае лісты, бо я ад яго ўжо два тыдні не атрымліваю. Але яго маці была на спатканні. Яна яму сказала, што ўсё добра, што мы з Ладай у бяспецы.

- Ці даходзілі вашыя лісты адно аднаму?

- Частка не даходзіла. Бо мы нумеруем лісты і па гэтых нумарах зразумела, што дайшло, што не. Калі лічыць, то недзе палова не дайшла.

- Вашыя адносіны да прысуду і тэрміну зняволення? (Кіму прысудзілі 6 з паловай гадоў)

- Было непрыемна. З ішага боку, максімальны тэрмін мог быць нават большы. Але ўсё роўна, мне здаецца, што ўвесь гэты тэрмін Кім не будзе сядзець.

- Вызваленьне вашага мужа і іншых палітзняволеных будзе залежыць ад паразы Расіі ў вайне з Украінай?

- Магчымыя розныя варыянты. Цяжка зараз штосьці казаць, бо як паказаў мой досвед – логіка ў некаторых персанажаў адсутнічае. Я разважала раней, напрыклад, што нападаць на Украіну нелагічна. Але як бачыце, гэта здарылася. Таму зараз можа быць усё, што заўгодна – і ў плюс, і ў мінус. Проста мая мэта, мэта палітзняволеных, іх родных палягае ў тым, каб трымацца ў тонусе і не губляць веру.

- Якім вы бачыце сваё жыццё пасля таго, як Кім выйдзе на волю – дзе вы ўвогуле будзеце жыць?

- Яшчэ да паўнамаштабнай вайны гэта было незразумела. Мы розныя варыянты ў лістах абгаворвалі (наколькі гэта было магчыма). Я нават пісала, што трэба будзе падумаць дзе жыць, бо Расія нападзе. Як гэта адбылося, то трэба ўсё перарабіць. Я думаю, будзем там, дзе будзе бяспечна для дзіцяці. Бо гэта нашае будучыня. А потым ужо будзем сыходзіць з рэалій – калі будзе бяспечна жыць ва Украіне, ці ў Беларусі, мы будзем там жыць, бо гэта наша зямля.



- Україна – гэта Еўропа. А Беларусь?

- Геапалітычна Беларусь зараз не Еўропа. Можа, Еўразія.

- Але яна будзе часткай Еўропы?

- Я ведаю мноства беларусаў, у тым ліку маіх сяброў, якія змагаюцца за тое, каб Беларусь была Беларуссю і не была пад чымьсці ўплывам. Я не магу сказаць, што Беларусь зараз гэта нейкі паўночна-заходні край Расіі, але і не магу сказаць, што яна зараз незалежная. Я веру, што беларусы змогуць уплываць на тое, што адбываецца ў краіне.

- Як вам можна зараз дапамагчы?

- Можа найлепшым варыянтам была б дапамога з працаю. Так бы мовіць: не даць рыбку, а даць вуду. Каб я магла ў гэтай сітуацыі быць як-небудзь на плаву. Па адукацыі я – кандыдат гістарычных навук. Нядаўна яшчэ скончыла IT-курсы па спецыяльнасці веб-дызайн. Ва Украіне шукала як раз дыстанцыйную працу (бо дзіцёнак малы). Зараз спадзяюся крыху асвоіцца на новым месцы, давесці ўсё да ладу і знайсці працу.   

P.S. Напрыканцы інтэрвью размова зайшла пра равлыка (слімака) Йосіпа – персанажа, якога Кім прыдумаў у СІЗА.


(малюнак Вольгі Якубоўскай)

“Мы прасілі яго штосьці намаляваць і ён прыдумаў вось такога равлыка-кавамана Йосіпа. Гэта слімак, які надзвычай любіць каву і іранічна ставіцца для ўсяго, што ёсць наўкола. Калі хочаце, гэта такі Тайлер Дэрдэн Кіма (персанаж фільма “Байцоўскі клуб”).

Калі хочаце, напішыце Йосіпу. Ён пастараецца адказаць, як толькі ў яго будзе час, або як сам Кім выйдзе на волю. Спадзяемся, гэта здарыцца хутка. 

P.P.S. Вы можаце напісаць Кіму Самусенку, даслаўшы яму ліст па адрасе: турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, таксама ў вас ёсць магчымасць стаць сябрам гэтай сям'і, або падтрымаць Олесю і Ладу, звязаўшыся з намі
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям