Вялікае інтерв’ю з блізкімі палітвязняў да 14 лютага.
Гэтае інтэрв'ю падрыхтавана ініцыятывай "Вольныя паштоўкі" сумесна з Фондам "Краіна для Жыцця". Мы звязаліся з блізкімі палітвязняў, каб даведацца, якія людзі сапраўды хаваюцца за тэчкамі з сфабрыкаванымі крымінальнымі справамі.
«Самы добры чалавек, якога я ведаю, і самы клапатлівы». Анастасія, дзяўчына палітвязня Івана Дацышына
«Спачатку мы тусаваліся ў адной кампаніі і доўгі час проста былі «тусовачнымі» сябрамі. У нейкі момант Ваня захацеў, каб я стала яму больш, чым проста сябрам, але я неяк не была гатовая да такога развіцця падзей. У выніку, як гэта бывае па класіцы, калі я зразумела, што ён можа пераключыцца на кагосьці іншага, уключылася я. Быў пацешны момант, калі сябры спыталі ў нас: «Дык вы сустракаецеся?». Я адказала, што не, а Ваня – так. Але потым мы ўсё абмеркавалі, і як аказалася, я проста не ў курсе была, – смяецца Анастасія. – Так у нас пачалі развівацца стасункі. І вельмі крута, што гэтаму папярэднічала сяброўства, бо не было вось гэтага »перыяду чакання«, а мы проста ўжо ведалі адно аднаго такімі, якія мы ёсць».
(Малюнкі з лістоў Івана. Архіў Анастасіі)
Іван вельмі любіць падарожжы, кажа Анастасія, і нават аўтастопам. Хлопец цікавіцца літаратурай і праграмаваннем.
«Ён самы добры чалавек, якога я ведаю, і самы клапатлівы. Пачуццё гумару ў яго не займаць, а яшчэ прагі да спантанных прыгодаў і смачнай ежы. Другое месца ў топе нашых любімых сумесных заняткаў – смачна паесці! Раней Ваня займаўся спартыўна-бальнымі танцамі і быў чэмпіёнам Беларусі сярод юніёраў.
Зараз топ-3 яго захапленняў: спорт, маляванне, чытанне. А яшчэ спрабуе практыкаваць ангельскую, наколькі гэта магчыма, і нават дапамагае іншым яе вучыць».
Іван цяпер знаходзіцца ў выпраўчай калоніі №22, гораду Івацэвічы. Невядома, у якіх цяпер умовах утрымліваюць хлопца, бо ў лістах ён не можа пра гэта распавесці.
«Ён сумуе, але імкнецца не падаць духам. Калі паўтары гады знаходзішся там, дзе зусім не павінен быць, мала прыемнага. Лісты атрымлівае ў асноўным ад блізкіх людзей, але рэгулярнасць камунікацыі адсутнічае. Ад незнаёмых бываюць {лісты}, але рэдка. Напрыклад, на дзень народзінаў яму дайшлі лісты толькі ад блізкіх, хаця я дакладна ведаю, што віншавалі яго і іншыя неабыякавыя людзі».
Анастасія кажа, што ўсё адно лісты застаюцца найлепшым спосабам падтрымаць хлопца.
«Пісаць лісты пра ўсё: падарожжы, навінкі ў свеце музыкі і кіно, навуковыя адкрыцці. Яшчэ Ваня любіць загадкі «данеткі» і ўсялякія рэбусы (напрыклад, перасунь запалку, каб атрымаўся нейкі лік), такое таксама можна ў лістах выкарыстоўваць. Калі не прыходзіць адказ, пісаць яшчэ. Неяк так».
Пішыце Івану па адрасе:
Іван Уладзіміравіч Дацышын
ВК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а / с 20.
«Нават праз 14 сумесна пражытых гадоў мы можам гаварыць гадзінамі». Юліяна, жонка палітзняволенага Аляксандра Станкевіча
«Мы пазнаёміліся з Сашкам амаль 14 гадоў таму на сайце знаёмстваў, у тыя часы там яшчэ трапляліся прыстойныя людзі, – смяецца жанчына. – Мы сышліся дзякуючы пачуццю гумару. Мы разам столькі гадоў і нам заўсёды цікава адно з адным. Нават праз 14 сумесна пражытых гадоў мы можам гаварыць гадзінамі. А яшчэ мы абодва не фанаты рамантыкі. Для нас найлепшая рамантычная вячэра – з півам і мясам!», – кажа Юліяна, жонка палітзняволенага Аляксандра Станкевіча.
(малюнак Аляксандра Станкевіча)
Юліяна прызнаецца, адразу ўразілася, што Аляксандр шмат чым захапляецца.
«Ён быў у рыцарскім клубе рэканструктарам, таксама часта ўдзельнічаў у ролевых гульнях па розных творах, кшталту «Ведзьмака» або «Уладара пярсцёнкаў. Што тычыцца апошніх гадоў, на жаль, Сашы даводзіцца шмат працаваць, таму на захапленні часу амаль не застаецца. Але цяпер ён займаецца страйкболам і яшчэ любіць настольныя гульні. Нашаму старэйшаму сыну ўжо 9, яны часта з мужам ездзілі ў клубы з настольнымі гульнямі і віртуальнай рэальнасцю».
Аляксандр – выдатны тата. Юліяна кажа, што ён вельмі любіць дзетак і, нягледзячы на вялікую нагрузку на працы, праводзіць з імі шмат часу.
«Калі ўдавалася ўручыць дзяцей бабулі і дзядулю, мы любілі гуляць удвох, але з абавязковым наведваннем нейкага пабу. Вы памятаеце, піва і мяса, – смяецца Юліяна. – У нас ёсць традыцыя – наведваць аквапарк на дзень народзінаў. Паколькі ў нас ва ўсіх народзіны ў халодны час году, то гэта быў найлепшы варыянт. Мы цэлы дзень там праводзілі».
Любімыя святы сям’і Станкевічаў – Каляды і Вялікдзень. Яны заўжды адзначаюць іх разам.
«У нас у сям'і ёсць і каталікі, і праваслаўныя, таму святкаванняў заўжды два! На жаль, ковід унёс свае карэктывы. Апошнія гады сямʼя парадзела, стрыечная сястра з мужам зʼехалі за мяжу, а за дзядулю і бабулю мы хвалюемся, як бы іх не заразіць, таму адзначалі маленькім колам».
Юліяна прыгадвае смешныя гісторыі з мужам. Адной з іх Аляксандр прысвяціў свой малюнак з-за кратаў.
(Крэпасць Шумег, Венгрыя. Малюнак Аляксандра Станкевіча)
«Мы адпачывалі на возеры Балатон. Месца ўражвае вельмі! Таксама самі рабілі вылазкі ў іншыя гарады. І вось мы вырашылі наведаць крэпасць Шумег. Яна вельмі вядомая ў Венгрыі. Здавалася, што па адлегласці яна недалёка, але дабірацца трэба было на цягніку з адной перасадкай, а потым яшчэ пешшу. І ўсё было б нядрэнна, калі б не ліпень і спякота. Я пераацаніла свае сілы, было +35 градусаў, у электрычках – пекла. Калі мы прыехалі ў гарадок, я была ўжо парадкам выматаная, потым апынулася, што да гары з крэпасцю трэба пару кіламетраў тупаць, а потым яшчэ і на гару ўзбірацца».
Юліяна прыгадвае, што пасля таго, як забраліся на гару, ёй нічога не хацелася, яна злавалася, а Аляксандр наадварот добра сябе адчуваў і падбадзёрваў жонку.
«Увогуле прыйшлі мы нарэшце да крэпасці, а там яшчэ і ўваходны квіток 10 эўра каштуе. І гэта мяне дабіла! Я мужу кажу, маўляў, усё, я застануся тут стаяць, перад уваходам. Ён мяне супакоіў, купіў квіткі, але я такая злосная была, засталася каля брамы стаяць, – смяецца Юліяна. – Саша спачатку сышоў аглядаць крэпасць, а потым вярнуўся і кажа: «Жанчына, я за табой». Сказаў, што пабаяўся пакінуць мяне адну, бо я выглядала так, быццам збіраюся кінуцца са скалы! Назад дарога была прасцей. А час паміж цягнікамі мы правялі ў каларытнай піўнухе каля вакзалу. Мне гэта запомнілася на ўсё жыццё. Такая наша рамантыка. А галоўнае, свет пахіснуўся ў патрэбны бок і спякота перастала так дакучаць».
Цяпер Аляксандр знаходзіцца ў СІЗА горада Жодзіна, умовы там ня вельмі дрэнныя, улічваючы сітуацыю, кажа Юліяна.
«Лісты я рэгулярна атрымліваю ад яго. Ад блізкіх людзей, родных і сяброў лісты таксама даходзяць. Таксама яму пішуць і знаёмыя. Падтрымаць яго можна толькі лістамі. Дзякуй богу, перадачы мы яму збіраем усёй сямʼёй. А лістам ён вельмі радуецца, заўсёды адказвае ўсім».
Юліяна кажа, што ёй самой пакуль матэрыяльная падтрымка не патрэбная, але жанчына не ведае, як жыццё складзецца далей, пасля прысуду.
Пішыце Аляксандру па адрасе:
Аляксандр Уладзіміравіч Станкевіч
Следчая турма №8 222163, г.Жодзіна, вул. Савецкая, 22А.
«Яна вельмі добры і спагадлівы чалавек, які заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу кожнаму, хто ў ёй мае патрэбу». Мікіта, будучы муж Яны Пінчук
«Нашы адносіны пачаліся са знаёмства ў інтэрнэце. Я грамадзянін Расеі, але на момант нашага знаёмства я жыў у Іспаніі, а Яна жыла ў Расеі. Мы пачалі кантактаваць і зразумелі, што гэта перарастае ў нешта большае, я, нядоўга думаючы, купіў квіткі і паляцеў да Яны. А сышліся мы на нецярпімасці да несправядлівасці, як дзве кроплі вады. Гэта банальна быў Instagram, у момант пратэстаў, я хацеў хоць неяк дапамагчы беларусам, асабліва пасля 9-11 жніўня, калі на вуліцах адбывалася сапраўднае пекла, пісаў людзям і пытаўся, можа ёсць якія фонды ці арганізацыі, куды можна напісаць, каб дапамагчы. І цалкам выпадкова наткнуўся на Яну. У нас было нават не абмеркаванне пратэстаў, а хутчэй боль і неразуменне, як там можна здзекавацца з людзей».
Усяго праз 2 месяцы пасля знаёмства Мікіта зрабіў прапанову сваёй каханай.
«Мы цягнулі і цягнулі, і вось 1 лютага я падаў заяву ў ЗАГС і мы будзем распісвацца ў СІЗА, цяпер мы чакаем дазволу ад пракуратуры».
(Малюнак з ліста ад Яны Мікіту, архіў Мікіты)
«Яна вельмі добры і спагадлівы чалавек, які заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу кожнаму, хто ў ёй мае патрэбу, часам нават на шкоду сабе. Яна вельмі моцна любіць жывёл, але ў яе алергія на воўну і яна нават не можа іх элементарна пагладзіць. Вельмі цікавіцца самапазнаннем, як у цэлым уладкаваны чалавек і яго мозг, што з'яўляецца каталізатарам пэўных дзеянняў».
У каханых ёсць свая асаблівая рамантычная «фішка».
«Мы называем яе «наша маленькая Іспанія», напрыклад цяпер я ў кожную перадачу імкнуся пакласці хамон, каб нават у СІЗА ў Яны была «наша маленькая Іспанія». Іспанскі каларыт нас пастаянна пераследуе ў Расеі. Таксама мы вельмі любілі хадзіць на заліў і проста сядзець там у абдымку, гледзячы на ваду».
(архіў Мікіты)
На дадзены момант Яна знаходзіцца ў СІЗА №5 ФСВП (федэральная служба выкання пакаранняў) Расеі па горадзе Санкт-Пецярбургу.
«Як і ў любой турме ўмовы складана назваць нармальнымі, але назавем іх так – нядрэнна, але з праблемамі са здароўем, у прыватнасці са страўнікам, Яне трэба спецыяльнае харчаванне. Лісты піша вялікая колькасць людзей, з Беларусі, Расеі, Чэхіі, Швецыі, Іспаніі, Фінляндыі, Італіі, наколькі я ведаю, Яна атрымала досыць шмат лістоў ужо».
(Адкрыты ліст Яны)
“Я думаю найлепшая дапамога - гэта пісаць лісты, бо гэта больш за ўсё падтрымлівае людзей у зняволенні”.
Пішыце Яне сюды:
Пінчук Яна Вітальеўна 1997
Арсенальная, д. 11, ФКУ СІЗА—5 УФСИН па Г. Санкт-Пецярбургу і Ленінградскай вобласці
https://fsin-pismo.ru/client/app/letter/create
Хлопец Яны арганізаваў збор для яе падтрымкі, вы можаце заданаціць любую суму па спасылцы.
«Жэня імгненна зачараваў мяне». Ніна, жонка Яўгена Харашкевіча
«Мы пазнаёміліся з Жэнем 12 верасня 2014 года ў Полацку. Я ўбачыла яго ў аддзяленні банку, нашы погляды на імгненне перасекліся, калі мы каля 15 хвілін чакалі кожны сваю чаргу ў касу да аператара. Я завяршыла ўсе свае справы і пайшла ў інтэрнат. І, пераходзячы дарогу, чую, як нехта ўслед крычыць мне «Прывітанне!». Павярнулася, а там быў Жэня. Я была трохі ў разгубленасці, ён пачаў мяне пра ўсё распытваць, як завуць, куды іду. Жэня так лёгка размаўляў са мной, што на секунду мне здалося, магчыма я яго ведаю, але ніяк не магу ўспомніць адкуль. Ён вельмі спрытна ўзяў мяне ў абарот, выпрасіў старонку ВКонтакте», – распавядае Ніна, жонка палітвязня Яўгена Харашкевіча.
Увечары хлопец напісаў Ніне і паклікаў яе на шпацыр па Полацку, паабяцаў паказаць горад.
«Было страшна кудысьці ісці з незнаёмым чалавекам, асабліва такім напорыстым, але Жэня імгненна зачараваў мяне настолькі, што я забылася на ўсе меры засцярогі, – усміхаецца Ніна. – Памятаю, як на наступны дзень нашага знаёмства Жэня кажа мне: «Я так хачу цябе абняць! Можна я цябе абдыму?». Гэта было вельмі міла! 14 верасня мы зноў пайшлі гуляць, ён звадзіў мяне ў кавярню і сказаў, што хоча, каб я стала яго дзяўчынай. «А гэтага ты хочаш?»- спытаў ён мяне. Я, вядома, пагадзілася, бо да таго моманту ўжо па вушы ў яго закахалася. З таго часу мы разам.
З 2016 года пара пачала жыць разам. А ўжо ў 2017-м Яўген зрабіў Ніне прапанову і каханыя ажаніліся.
«Да гэтага часу ня ведаю, што прымусіла тады Жэню дагнаць мяне і пачаць размову. Мне здаецца, у той дзень я адчула нейкае цяпло і дабрыню, якія сыходзілі ад яго. Ды і чаго граху таіць, мне Жэня знешне вельмі спадабаўся – высокі, стройны, з мілымі шчочкамі! Быццам з першага погляду разумееш: гэта маё. Вось так у нас усё і здарылася».
Яўген у сваіх захапленнях – хлапчук да мозгу касцей, смяецца Ніна.
«Ён любіць машыны і ўсё, што з імі звязана. Часта праводзіў час за відэагульнямі, захапляўся страйкболам. Мы з Жэнем – кашатнікі, менавіта таму амаль адразу, як з'ехаліся, узялі котку з прытулку, а яшчэ праз год завялі яшчэ і ката».
Дзяўчына кажа, што Яўген па сваёй натуры не рамантык, але ў ягонай прамалінейнасці і тэмпераментнасці ёсць свой асаблівы шарм.
«З ім ніколі не было сумна. Мы штодзень праводзілі ўвесь вольны час разам і нам было ў кайф. І, здаецца, зусім не стамляліся адно ад аднаго. З Жэнем заўсёды ёсць пра што пагаварыць. Ён вясёлы, адкрыты, сумленны. Не ведаю, ці былі ў нас калісьці табуяваныя тэмы. Хутчэй за ўсё, не».
У жыцці Ніны з Яўгенам здаралася шмат займальных гісторый.
«Некалі ў нас быў электрамабіль і штосьці нам закарцела паехаць на ім у Віцебск позна ўвечары. Туды мы даехалі, а вось на зваротную дарогу зараду было замала. І Жэня, выкарыстоўваючы нейкія дзікія лайфхакі па падаўжэнні зараду батарэі, стараўся, каб мы даехалі сваім ходам. Аднак, перасоўваючыся паўдарогі з хуткасцю 20 км/г, машына канчаткова спынилася перад самым знакам населенага пункта. Я яшчэ жартавала: «Ты ж, Жэня, абяцаў, што мы дакладна даедзем дадому, дык вось, фармальна даехалі». У выніку мы па галалёдзе яшчэ паўгадзіны штурхалі машыну да дому і дабраліся толькі а другой гадзіне ночы. А як мы на гэтым жа электрамабілі адправіліся ў Мінск, дык гэта наша маленькае падарожжа, – узгадвае дзяўчына. – Ехалі па шляху зарадак, якіх у той момант было няшмат, каля 16 гадзін, начавалі ў машыне. Гэта было вельмі займальна і весела».
(Малюнкі з лістоў Яўгена, архіў Ніны)
Яўгена затрымалі 18 студзеня 2021 года і з таго часу ў каханых не было магчымасці адкрыта пагутарыць адно з адным. Тады ж, на момант затрымання, Ніна была на пятым месяцы цяжарнасці.
«Мы абодва вельмі балюча ўспрымалі расставанне і разуменне таго, што не зможам быць побач і падзяляць клопаты, звязаныя з нашай маленькай. Жэню часта перакідвалі з адной камеры ў іншую, змяшчалі да дзіўных людзей у так званыя прэс-хаты. Двойчы па 10 сутак Жэня правёў у карцары. За пару месяцаў знаходжання ў СІЗА ён схуднеў на 20 кілаграмаў. Я заўсёды адчувала, як яму цяжка, але мне здавалася, праз тое, што не ведаю ўсёй карціны цалкам, не магу падабраць патрэбных слоў. Пачуццё, калі хочаш дапамагчы, але не ведаеш чым. Я старалася рабіць усё магчымае, каб Жэня адчуваў маю любоў і падтрымку. Хоць сама знаходзілася, шчыра кажучы, у прыгнечаным стане».
У снежні 2021 Жэню этапавалі ў калонію ў Шклове, дзе ён і цяпер знаходзіцца.
«Ён быў вельмі шчаслівы, што ўпершыню за доўгі час убачыў неба. Пахваліўся, што ў Шклове лепш кормяць, чым у СІЗА. А так ён вельмі мала распавядае пра свой побыт, фактычна нічога не кажа, толькі нейкія агульныя фразы.Мабыць, нельга».
Лісты ў калонію да Яўгена з затрымкай, але даходзяць.
«Яму пішуць незнаёмыя людзі, не ведаю, ці ўсе лісты яму даходзяць, але сказаў таксама, што часу адказваць практычна няма. Нават мне ён практычна не піша, 1-2 лісты ў месяц. Хоць яму без сумневу прыемна атрымліваць падтрымку з боку. Ён пастаянна перадае праз мяне словы падзякі для тых, хто калі-небудзь адправіў яму вестачку з цёплымі словамі. Увогуле галоўная падтрымка для палітвязняў – гэта лісты. Пара добрых і шчырых словаў яшчэ нікому не нашкодзілі! Буду вельмі рада і ўдзячная, калі хтосьці захоча падтрымаць Жэню. Яму вельмі няпроста. Ён сумуе па сямʼі і дачцэ, якую ніколі не бачыў і не трымаў на руках».
Пішыце Яўгену па адрасе:
Яўген Аляксандравіч Харашкевіч
ВК №17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Завадская, 8.
«Мы тэлефануемся па відэасувязі і сын бярэ футбольны мяч, ставіць тэлефон насупраць і кажа: «Лаві, тата!»». Юлія Плотнікава – жонка палітвязня Дзяніса Іванова
«Пачыналася ўсё проста. Увогуле я з Расеі і для мяне гоман «шо», «го» і г.д. ну неяк не вельмі, таму беларуса не разглядала ў мужы, – смяецца Юлія. – У мяне двое дзяцей ад першага шлюбу, 19 і 12 гадоў. З Дзянісам мы пазнаёміліся на курсах тэлевядучых. Ён прыйшоў нам нешта расказаць пра кіно, і я да гэтага часу прашу паўтарыць гэту лекцыю, бо тады нічога не зразумела. Яго абляпілі ўсе дзяўчаты нашага курсу і я рэальна не разумела: Дзяніс быў у нейкім пакамечаным пінжаку і недарэчных штанах, лысы, адказваў заўсёды з нейкім гумарам і ўсе смяяліся, але мне былі гэтыя жарты не вельмі».
Праз некаторы час Юлія з Дзянісам спісаліся ў сац.сетках і прызначылі спатканне.
«Мы тусаваліся ўсю ноч, смяяліся без перапынку. На наступны дзень ён вярнуўся рана, пачысціў мне мандарыны, потым гладзіў мне пятку і чытаў нейкія апавяданні пра пінгвінаў. Я валялася, а мяне кармілі, мне чыталі – як жа здорава жыць! І самае смешнае, што ён у той вечар пайшоў на майстар-клас па пікапе! Потым тыдзень пісаў, як сумуе і чакае сустрэчы, ну і так я пераехала да яго. Вельмі хутка і надзейна. Наогул не бачу праблем, калі каханне з першага погляду».
(Юлія і Дзяніс, фота з архіва Юліі)
Дзяніс працаваў у кіно і займаўся футболам, кажа Юлія.
«Прыходзячы на аматарскія сустрэчы, я проста стаяла як каралева і глядзела на прапушчаныя галы Дзяніса, потым суцяшала і мы ішлі дадому. Як вы разумееце, мы з Дзянісам любім размаўляць гумарам, увогуле так і жывем. Нам камфортна. У нас вельмі шмат было смешных выпадкаў. Напрыклад пасля рамантычнага вечару, мы ледзь не спалілі кватэру, таму што свечкі раптам загарэліся і мы іх тушылі ўжо разам з камодай. Гэта была здымная кватэра, не хвалюйцеся», – прыгадвае Юлія.
У каханых ёсць цікавая традыцыя: кожны Новы год маляваць нешта на футболках.
«На мінулых – гэта было 23.34, бо Дзяніс паспеў пабываць на сутках спачатку. На 23-га лютага неяк я падарыла Дзянісу велізарны матацыкл у натуральны памер з паветраных шароў, ён тады зайшоў дадому і афігеў проста. Мне падабаецца, што Дзяніс умее прымаць любыя падарункі, і мы ніколі не паўтараемся!»
Нядаўна, ужо ў зняволенні, Дзяніс падараваў Юліі пярсцёнак у скрынцы з цукеркамі, а прапанову ажаніцца зрабіў раней.
(Фота з архіва Юліі)
«Рыхтуемся да нашага Вяселля. Ужо дакладна ведаем якім яно будзе. Засталося пачакаць вызвалення. Так, нашаму сыну 4 гады і мы не жанатыя афіцыйна, але гэта пытанне да мяне больш. Бо я была за мужам і трэба пераробліваць дакументы, мы грамадзяне розных краін».
Дзяніс цяпер у Віцебску, у выпраўчай установе адкрытага тыпу.
«Яму хацелі даць два гады калоніі, але пашкадавалі. Я езджу да яго пастаянна, як ёсць грошы і выходны. Лісты даходзяць. Вось перад Новым годам атрымаў футболку ад «Крумкачоў», а таксама 31 снежня прынеслі ўвечары 21 ліст. Шмат пішуць з-за мяжы, быў ліст ад амбасады Вялікабрытаніі. Пісаў поп нават, хаця Дзяніс у мяне не вернік, але адказвае ён усім. Адна жанчына валанцёрка перадала шмат канвертаў, таксама паштоўкі людзі перадавалі».
Юлія просіць дасылаць ёй сонейкі ў сацыяльных сетках у якасці падтрымкі.
«Вядома, мы не просім ніякай дапамогі, нашы калегі падтрымліваюць нас тым, што даюць працу. Мы прафесіяналы сваёй справы, таму калі вам трэба зняць кіно, рэкламу або кліп – звяртайцеся. Дарэчы Дзяніса пазнаюць супрацоўнікі ВУАТ па фільме «Мухтар» і інш. Таксама было смешна, калі на выхаваўчай гутарцы з псіхолагам яны прагледзелі «Прыколы 13-й школы» з маім удзелам. Усе ведаюць пра нас, таму дзяжурныя заўсёды пытаюцца, калі прыязджаю, што і дзе здымаем. Дзяніс у няволі ўжо адпрацаваў шмат праектаў і многія нават не падазраюць пра гэта. На пляцоўцы, вядома, заўсёды я».
(Малюнкі з лістоў Дзяніса, архіў Юліі)
«Мы тэлефануемся па відэасувязі і сын гуляе з татам. Бярэ футбольны мяч, ставіць тэлефон насупраць і кажа: «Лаві, тата!» І б’е. Я ў жаху, тата ловіць, а Міша шчаслівы. А яшчэ Міша малюе тату заўсёды мора. Чакаем нашага тату. І ездзім да яго заўсёды».
Пішыце Дзянісу па адрасе:
Дзяніс Уладзіміравіч Іваноў
ВУАТ №9. 210034, г. Віцебск, вул. 3-я Чэпінская, 39.
«Яна – сапраўдная Атлантыда». Валер – муж Яны Арабейкі
(паштоўкі з малюнкамі Яны)
«Мне ў Яне спадабалася тое, што яна сапраўдная Атлантыда. Гэта значыць, з выгляду яна ціхая, але насамрэч проста БОМБА, вы не ўяўляеце. Яна такая прыгожая, шчырая, творчая, наравістая, тэмпераментная, моцная. Каб гэта ўбачыць, трэба з ёй трошкі зблізіцца, але мяне гэта ўразіла. Што ёй ува мне спадабалася, пытайцеся ў яе, я не ведаю!», – усміхаецца муж Яны Валер.
Хлопец кажа, што яго каханая вельмі любіць рабіць нешта сваімі рукамі.
«Яна цікавіцца мастацтвам вельмі. Усякім рукадзеллем таксама, што можна самой зрабіць. Яшчэ вядома рухамі моладзевымі і наогул дзьвіжухамі».
Таксама ў пары вельмі класныя мянушкі.
«Адзінае, што мы паспелі – прыдумалі, што я «бульбінка», а яна «кукурузка». Вось. Святкавалі амаль усё ў турме. Стараліся нешта зрабіць адно для аднаго. Яна рабіла мне паштоўкі і малюнкі, а я ёй «асаблівыя» перадачкі. Балюча, вядома, ад таго, што вось так усё».
Яна цяпер знаходзіцца ў выпраўчай калоніі Гомеля. Умовы там, як і паўсюль, вельмі кепскія. Таму дзяўчыну важна падтрымаць.
«Ёй важна адчуваць, што ўсё не дарма. А яшчэ яна любіць налепачкі. І смешныя ўсякія штучкі проста. Але і не смешныя любіць таксама, цікавыя гісторыі. Яна афігенская, праўда-праўда!».
(Вольныя паштоўкі з малюнкамі Яны Арабейка, архіў Вольных паштовак)
Пішыце Яне па адрасе:
Яна Іванаўна Арабейка
ВК №4. 2246035, г. Гомель, вул.Антошкіна, 3.
«У мяне з ім касмічная сувязь». Анастасія, дзяўчына палітвязня Антона
Ананімнае інтэрв'ю, імёны змененыя ў мэтах бяспекі герояў.
«Пазнаёміліся мы з Антонам у студзені 2015 года ў інтэрнэце. Схадзілі ў кіно і адно аднаму мы не спадабаліся. Ён на мяне паглядзеў – што за дзіўная дзяўчынка, я на яго такім жа позіркам. Да верасня мы не размаўлялі і не спісваліся, а потым Антон проста паклікаў на спатканне. Мы прагуляліся і неяк у гэты раз былі зусім іншыя эмоцыі. Я не ведаю, як гэта растлумачыць, але я яму адразу сказала: «Ты са мной ажэнішся». Ён такі: «Не-не. Я не збіраюся да 30 жаніцца, мне яшчэ рана». Мы шмат гулялі, размаўлялі. А праз пару тыдняў, на дзень народзінаў, я сядзела дома з яго мамай. Вельмі хутка ўлілася ў сямʼю і мы адразу сталі вельмі шмат часу праводзіць разам», – кажа дзяўчына палітвязня Антона, Анастасія.
Пасля гэтага каханыя бачыліся штодзень.
«Я ведаю, што бываюць такія стасункі, калі людзі 2-3 разы на тыдзень бачацца. А мы бачыліся кожны дзень. Дзе б я не была, дзе б ён не быў, праца, нейкія бытавыя пытанні ўсё роўна мы бачыліся штодзень. Адзінае што нас падзяляла – мая вучоба. Я вучылася ў іншым горадзе і ездзіла на сесіі, але ён усё роўна прыязджаў да мяне, рабіў сюрпрызы. Мы заўсёды былі побач».
Антон цікавіцца аўтамабілямі і рыбалкай. Дзяўчына прызнаецца, яе заўжды прываблівала тое, што ён сапраўдны мужчына, паводзіць сябе як дарослы.
«Ён думае па-іншаму, ён старэйшы свайго ўзросту. Звычайна дзяўчынкі развіваюцца хутчэй, а хлопчыкі, на жаль, адстаюць у плане нейкіх сямейных каштоўнасцяў, мэтаў. Ён жа заўсёды думаў як дарослы чалавек. З Антонам мы заўсёды адчуваем адно аднаго на адлегласці. Я вельмі моцна яго кахаю.
Было шмат гісторый калі ён знаходзіўся ўжо ў зняволенні. Я віншавала яго з Новым годам, крычала пад сценамі СІЗА: «З Новым годам!». І я крыкнула адзін раз. Гэта было каля гадзіны ночы. Я была з малодшай сястрой, мы трошкі адышлі, пастаялі, хвілін 30 прайшло. Я кажу: «Пойдзем яшчэ раз крыкнем, бо думаю, што ён не пачуў». Мы вярнуліся, я крыкнула яшчэ раз і мы паехалі дадому спаць. І потым на спатканні, праз некалькі месяцаў, ён мне распавядае: «Я ўсіх папярэдзіў, што мяне малая мая будзе віншаваць». Ён кажа: «Я пачуў першы раз. Але ўсе ўжо ўлягліся, кажу хлопцам, што будзе крычаць яшчэ раз, я ж яе ведаю»».
Сувязь каханыя пастаянна падтрымліваюць нават у думках. Перад Новым годам таксама здарылася дзіўная і кранальная гісторыя, апавядае Анастасія.
«Я зрабіла перад Новым годам татуіроўкі сабе на нагах – беларускі арнамент. І мне на Новы год прыйшла паштоўка ад Антона з гэтым арнаментам. Увогуле ён катэгарычна супраць татуіровак, а я ўжо адрываюся, пакуль яго няма. Іншым разам я набіла сабе бусла на руцэ. І я прыязджаю дадому, адкрываю ліст, і бачу, што ён мне даслаў паштоўку з буслом. Гэта быў наогул шок. Яшчэ неяк я ішла каля дому і бачу, што машына на снезе так цікава развярнулася, быццам два сэрцайкі атрымалася. Заходжу ў дом, а мяне чакае паштоўка з двума такімі сэрцайкамі».
Нават самыя дрэнныя моманты, якія адбываюцца з Антонам, Анастасія моцна ўнутрана адчувае.
«Я памятаю, як адчувала, што ён трапіў у карцар. Я ўсю ноч не спала, мяне трэсла. Я прыехала да адвакаткі і кажу: «Я не магу, ідзіце, дазнавайцеся, адчуваю, што нешта ня так». Яна пайшла і даведалася, што ён сапраўды ў карцары. І наогул усе яго праблемы я адчувала. Сваякі кажуць, што ў мяне з ім касмічная сувязь».
Цяпер хлопец знаходзіцца ў Магілёве і свае ўмовы ўтрымання параўноўвае з войскам.
«Сам факт з-за чаго ён там знаходзіцца – факт несправядлівасці. Але ежа, у прынцыпе, нармальная, жыць можна, праца яго няцяжкая. Яны ляпілі неяк снежныя фігуры, некаторыя хлопцы наляпілі такога, што проста «вау», як ён апісваў. Яны там пастаянна чымсьці занятыя. Хоць я ведаю, што ў многіх калоніях шмат вольнага часу. Ён сядзіць у "пятнашцы" ў Магілёве. У іх там збалансавана і праца, і мерапрыемствы нейкія праводзяцца. Як кажа Антон, даволі цікавыя. І наогул мы (сваякі) калонію трошкі не так уяўляем: нам здаецца, што трэш поўны, аблезлыя сцены, драўляныя ложкі. Але ў іх добры рамонт, ёсць котка, якая нараджае кацянят, у некаторых атрадах нават стаяць акварыумы. Усё адносна нармальна».
Дзяўчына не можа папрасіць напісаць ліст свайму каханаму, бо застаецца ананімнай у мэтах бяспекі, але кажа, што вельмі важна пісаць іншым вязням.
«Ёсць шанец, што прапусцяць ліст. Усё ж цэнзары таксама розныя ёсць. Хачу папрасіць, каб людзі пісалі лісты, таму што гэта вельмі важна. Гэта падтрымка для палітвязняў. Антон памятае, хто яму пісаў усе лісты, з многімі людзьмі пасябраваў і да гэтага часу вядзе перапіску, унёс іх у картку. І я ведаю што гэтыя людзі, якія яго падтрымліваюць, будуць самымі важнымі гасцямі на нашым вяселлі».
Гэтыя інтэрв'ю — наш спецыяльны праект да Дня Святога Валянціна. 14 лютага — выдатная нагода, каб не толькі падтрымаць палітвязняў, але і ўзгадаць, што за кожным і кожнай з іх стаяць члены сям'і і сябры. Да 14 лютага мы падрыхтавалі адмысловы набор Вольных паштовак. Як яго атрымаць — чытайце па спасылцы.
Падтрымліваць палітвязняў і іх сем'і з дзецьмі можна праз наш Фонд. «Краіна для Жыцця» апякуецца 80 такімі сем'ямі. Штомесяц мы выплачваем ім па 300 еўра.
Таксама ў нас дзейнічае праграма салідарнасці «Сябар сям'і». Чалавек выбірае сям'ю з нашага спісу і становіцца яе апекуном. Сябар сям'і сам вызначае суму дапамогі і яе перыяд, гэта можа быць як 100 еўра, так і 300 еўра, перыяд 3,6,12 месяцаў. Сем'і таксама ёсць розныя: шматдзетныя, з адным дзіцем, ёсць сем'і з дзеткамі, у якіх ёсць праблемы са здароўем альбо асаблівасці ў развіцці:
І пішыце лісты палітвязням! Варыянтаў шмат: можна онлайн, ананімна і нават бясплатна, падрабязней пра гэта вось тут.