“Птушкі з выраю”, данатары, каментатары. За што цяпер людзей затрымліваюць?

Толькі 1%  з тых, хто цяпер сядзіць у турмах, памілаваны. І рэпрэсіўная машына перамолвае ўсё новых і новых ахвяр. Па кім цяпер катком ідзе рэжым? Каго цяпер затрымліваюць паводле палітычных артыкулаў?

У ліпені і жніўні на волю выйшлі некалькі дзесяткаў палітвязняў, асуджаных рэжымам Лукашэнкі. Дагэтуль дакладна невядомыя ні імёны ўсіх вызваленых, ні агульная іх колькасць. Разам з тым, датэрмінова вызваляючы адных, рэжым кідае за краты іншых. Мы прадстаўляем вашай увазе другі з трох артыкулаў, у якіх спрабуем разабрацца, што стаіць за працэсам памілавання, і як ен ўплывае на ўмовы і колькасць палітвязняў у Беларусі.

Здзек і ціск. Як праходзіць працэс памілавання палітвязняў 

Навінаў пра затрыманні, можа, і стала менш. Але разам з тымі, у якіх апавядаюць пра прысуды ўжо затрыманым, яны расказваюць няспынную хроніку рэпрэсій. Толькі ўявіце: палітычны тэрор ідзе ўжо 4 гады.
 

За ўдзел у пратэстах
 

Дагэтуль большасць затрыманняў адбываюцца за ўдзел у пратэстах - такія адгалоскі 2020 года.  “З таго што мы бачым, апрацоўваюць фотаздымки з 2020 года і знаходзяць людзей па іх”, - кажа кіраўнік фонду “Краіна для Жыцця” Вольга Зазулінская. У 2020 годзе была зроблена вялікая колькасць фота, ніхто не думаў тады, што яны могуць выкарыстоўвацца, як доказ нібыта віны па крымінальным артыкуле. “Зачысткі ідуць у рэгіёнах, адпрацоўваюць дваровыя супольнасці,” - кажа Зазулінская.  

  • 17 ліпеня. У Менску затрымалі спэцыяліста па продажах адной з мясцовых кампаній за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе.
  • 6 жніўня. За ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту затрымалі менчука.
  • 6 жніўня. За ўдзел у пасьлявыбарных акцыях пратэсту затрымалі хлопца і дзяўчыну, сілавікі залезлі да іх праз балкон 2 паверху.
  • 23 жніўня. За ўдзел у пратэстах затрымалі дваіх жыхароў Кобрына.
  • 27 жніўня. У Кобрыне за ўдзел у пратэстах затрыманы мясцовы жыхар. 
  • 28 жніўня. Жыхара Берасця затрымалі за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту. На "пакаяльным" відэа мужчына кажа, што 10 жніўня знаходзіўся на праезнай частцы праспекта Машэрава ў Берасці.  

  “Птушкі з выраю”  
 

Ловяць і тых, каго, бадай, даўно ўжо затрымалі, калі б яны былі ў Беларусі. Вялікую цікавасць сілавікоў прыцягваюць людзі, якія вяртаюцца ў Беларусь з-за мяжы, “якія пажылі некалькі год у нармальнай краіне”, кажа кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак.  Гэта лёгкі ўлоў. Людзі не разумеюць рызыкі, якія іх чакаюць у Беларусі. “Прыязжаюць у Беларусь, каб змяніць пашпарт, вырашыць нейкія іншыя свае справы і трапляюць на суткі альбо на крыміналку”, - зазначае Стрыжак. 

 

Некаторыя з гэтых “птушак” выехалі з Беларусі доўга пасля так званага здзейсненага злачынства. Проста да выезду з краіны карная машына яшчэ да іх не дабралася. І гэта марна заспакоўвае людзей - нібы як не пасадзілі, то ўжо і не пасадзяць. Але гэта не так!

 
  • 9 ліпеня. Па вяртанні ў Беларусь затрымалі адміністратара чатаў «Беларусы ў Партугаліі» і «Беларусы на Мадэйры», мужчына з 2019 года жыве ў Партугаліі. 
  • 17 ліпеня. IT-спэцыялістку (бізнэс-аналітыка) затрымалі пасля вяртання з Польшчы і  будуць судзіць за ўдзел у пратэстах. Дзяўчына пераехала ў Польшчу, імаверна, пасля пачатку вайны. Ёй пагражае да трох гадоў калоніі. 
  • 22 ліпеня. У Лідзе затрымалі ўладальніка кафэ “Тутака”. У той жа дзень гарадзенца затрымалі пасля вяртання ў Беларусь. Мужчына працаваў мантажнікам сонечных панэляў у Галандыі і прыехаў на радзіму. Як быццам ён зарэгістраваўся ў чат-боце «План «Перамога» і пісаў каментары супрацоўнікам міліцыі і іх сем’ям.   
  • 6 жніўня. На беларуска-латвійскай мяжы затрымалі беларуса, які ехаў з Латвіі ў Беларусь. Як быццам мужчына быў адміністратарам шэрагу тэлеграм-каналаў, браў удзел у пасьлявыбарчых акцыях пратэсту. 
  • 22 жніўня. Берасцейка прыехала з Польшчы на пахаванне блізкага, і яе затрымалі на мяжы за данаты BYSOL. Жанчына пераехала разам з мужам у 2021 годзе на вучобу ў Польшчу па спецыяльнасці міжнародныя адносіны. Адчкупіцца ўдалося штрафам у 250 разоў большым за данат і трымя днямі ў ізалятары .  

Каментатары і выражэнне пазіцыі  
 

Затрымліваюць таксама людзей, якія нешта “такое” пісалі ў інтэрнэце за апошнія чатыры гады: каментары, выражэнне сваей пазіцыі. У сілавікоў есць мэты і рэсурс шукаць такія каментары, кажа Стрыжак. 

 
  • 9 ліпеня. За татуіроўку «А.С.А.В.» затрымалі жыхара Жабінкі. На адкрытай старонцы хлопца ў Instagram была сторыс з падзякай за гэтае тату («A.C.A.B» значыць «All Cops Are Bastards» — «Усе копы — вылюдкі», — рэд.).
  • 20 жніўня. 8 сілавікоў спатрэбілася, каб затрымаць жыхара Менску за кепку "АСАВ". 
  • 20 жніўня. Пасля размовы з правакатарам Юрыем Камаром у чат-рулетцы затрымалі жыхара Гомеля. Мужчына сказаў, што ў Беларусі зараз "добрага мала" і што ён у 2020-ым годзе ўдзельнічаў у пратэстах.  
  • 21 жніўня. Затрыманы інжынер ЗАТ "Белцім", ён нібыта пісаў абразлівыя каментары пра супрацоўнікаў міліцыі
  • 29 жніўня. Мужчыну затрымалі за негатыўныя  каментары пра беларускія і расейскія ўлады. 

 
Сваякі палітвязняў  

Часам пад удар рэжыму трапляюць сваякі палітвязняў па тых ці іншых надуманых прычынах, распавядае Марына Касінерава, сузаснавальніца iніцыятывы Dissidentby.

 
  • 19 ліпеня. У Ваўкавыску затрымалі маці палітвязня Аляксандра Францкевіча і яе сястру. Жанчыны прыехалі ў калонію з перадачай для Францкевіча. 


  Данатары
 

У пачатку 2024 года мы чулі пра масавыя затрыманні данатараў. Рэйды адбываліся па ўсей краіне і нарабілі шуму. Але і цяпер, калі няма гэткіх масавых акцый застрашэння, ўсе роўна ідуць кропкавыя затрыманні тых, хто данаціў на дэмакратычны рух ці ў праваабарончыя структуры. 

Разам з данатамі сілавікі спрабуюць знайсці факты пратэснай дзейнасці, распавядае кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак.

Беларусаў, якія данацілі ў фонды, затрымліваюць або выклікаюць "на размову" у КДБ, ГУБАЗіК ці ДФР, піша “Вясна”. Некаторым сілавікі прапануюць "адкупіцца": зрабіць нібы дабравольнае ахвяраванне ў шмат разоў большым за суму даната памеры. Як правіла сродкі прапануюць перавесці на спецыяльны рахунак медычнай установы. Пасля следчы можа выдаць пастанову аб спыненні крымінальнай справы. Улічваючы пануючае ў Беларусі беззаконне, нельга выключаць паўторнае ўзбуджэнне крымінальнай справы па тым жа эпізодзе.


 “Таму любы паход ў структуры - гэта рызыка таго, што не толькі калым ці выкуп трэба будзе выплаціць, а яшчэ і могуць заграбсці на вялікі тэрмін”, - зазначае Андрэй Стрыжак. . 

 
  • 27 жніўня. Мужчыну затрымалі за данаты «Палку Каліноўскага» і фонду BYSOL. На так званым пакаяльным відэа мужчына кажа, што 10 разоў заданаціў праз PayPal  
 

Следчы камітэт у лютым 2024 года паведаміў, што беларусы зрабілі "дабраахвотных ахвяраванняў" на суму больш за 37 мільёнаў рублёў (каля 11,5 млн. даляраў). Прадстаўнікі Следчага камітэту назвалі гэта "механізмам вызвалення ад крымінальнай адказнасці асобаў, якія здзейснілі фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, аднак з'явіліся з пакаяннем і залагодзілі нанесеную шкоду".

  
Некаторых данатараў адразу затрымліваюць у межах крымінальнай справы за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-2 КК). За данаты ў структуры, якія прызнаныя "экстрэмісцкімі фармаваннямі", у Беларусі пагражае да пяці гадоў калоніі. Нават калі данат быў зроблены тады, калі яны не атрымалі адпаведны статус.  
 

Таксама ў Беларусі актыўна пераследуюць паводле арт. 290-1 КК "фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці" — за данаты ў розныя ініцыятывы, напрыклад, у BYPOL і "Кіберпартызанам". Па гэтым артыкуле пагражае да 12 гадоў зняволення. 

 

Што рабіць, калі я данаціў у фонды салідарнасці? 

 

І нават калі няма рэйдаў, якія грымяць па ўсей краіне, затрыманні ідуць нон-стоп. Працэс памілавання, так званы “акт гуманізму”, ідзе паралельна з затрыманнем і пасадкай у турмы ўсе новых і новых ахвяраў рэжыму.
 

Іншыя віды рэпрэсій

Але не толькі працяг затрыманняў сведцыць, што рэпрэсіі ўсе яшчэ не спыняюцца і нават не прыпыняюцца.  Вось коратка пацвярджэнні захавання крытычна выскокага узроўню палітычных рэпрэсій:
  • Палітычна матываваныя прысуды выносяцца амаль штодзень і цяпер. У ліпені "Вясна" атрымала інфармацыю пра не менш як 221 выпадак палітычна матываваных рэпрэсій, якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу. З іх не менш за 30 адміністрацыйных спраў, разгледжаных судамі. Вынікі палітычна матываванага крымінальнага пераследу яшчэ не падлічаныя. 
  • Палітзняволеным узмацняюць пакаранне. Перавялі на турэмны рэжым каардынатара "Еўрапейскай Беларусі" Яўгена Афнагеля (у другі раз) і хірурга Андрэя Любецкага. Жыхару Баранавічаў Яўгену Кладаву выставілі новыя абвінавачванні, у выніку чаго яму можа пагражаць да 12 гадоў калоніі.
  • Каб не выпускаць тых палітвязняў, якія заканчваюць адбываць свае тэрміны, рэжым выкарыстоўвае 411 артыкул КК. Сяргею Яфімаву, Эдуарду Бабарыку і Сяргею Дзецуку падоўжылі тэрмін зняволення - нібыта за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Такія ж абвінавачванні выставілі Вячаславу Малейчуку і Юрыю Зянковічу. 
  • Улады па-ранейшаму папаўняюць спісы асобаў і фармаванняў, датычных да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці, экстрэмісцкіх матэрыялаў. Напрыклад, 16 ліпеня КДБ прызнаў экстрэміцскім фармаваннем суполку медыкаў з Горадні.  
  • Катаванні і жорсткае абыходжанне падчас затрымання і ў месцах зняволення застаюцца сістэмнай і шырока распаўсюджанай практыкай, звяртаюць увагу праваабаронцы. 
  • Зняволеныя і цяпер пазбаўленыя належнага ўзроўню медычнага абслугоўвання. У ліпені паступілі звесткі пра пагаршэнне здароўя палітзняволенага анархіста Ігара Аліневіча, якога адміністрацыя калоніі рэгулярна накіроўвае ў штрафны ізалятар. У Паліны Шарэнды-Панасюк выявілі хранічны панкрэатыт, што ўяўляе сур'ёзную рызыку для жыцця ва ўмовах беларускай калоніі. З'явілася таксама інфармацыя, што святар Андрэй Юхневіч знаходзіцца ў следчым ізалятары ў знясіленым стане.
  • Лідары беларускага пратэсту цягам года і больш знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада. Праз катаванні адсутнасцю сувязі з навакольным светам ў калоніях праходзяць Сяргей Ціханоўскі, Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч ды іншыя. І да ліку людзей, каго так катуюць, дадаюцца новыя асобы.  
Падтрымаць Фонд
Як вы хочаце дапамагчы:
50 75 100 250 500
Аплата праз PayPal на рахунак фонду
Фонд "Краіна для Жыцця"
Дапамагае палітвязням і іх сем'ям